У лякарнях застаюцца 17 вайскоўцаў, пацярпелых у аварыі пад Чавусамі
16 вайскоўцаў знаходзяцца ў шпіталях Магілёва, адзін — самы пацярпелы, кантрактнік, старшына роты — у шпіталі ў Чавусах.
Нагадаем, яму зрабілі аперацыю па выдаленні селязёнкі. Планавалася, што ў канцы мінулага тыдня вайскоўца перавядуць у адну з магілёўскіх лякарняў, аднак пакуль ён знаходзіцца ў Чавусах.
Пацярпелых наведваюць сваякі, ім дастаўляецца дадатковае харчаванне, адзначае БелаПАН.
Як паведамляла Еўрарадыё, аварыя адбылася 26 сакавіка ў Чавускім раёне. 66-гадовы пенсіянер са Шклова, кіруючы аўтамашынай "Жыгулі", пры абгоне сутыкнуўся вайсковым "КамАЗам". Пасля гэтага легкавая і грузавая машыны з'ехалі ў кювет і перакуліліся. Кіроўца "Жыгулёў" і які яго 40-гадовы сын, а таксама 33 вайскоўцы, якія ехалі ў "КамАЗе", трапілі ў лякарню.
На кіроўцу "Жыгулёў" Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці цяжкае цялеснае пашкоджанне.

Фота з сацыяльных сетак