У Латвіі затрымалі беларускага дальнабойшчыка з 3,41 праміле алкаголю ў крыві
20 снежня каля 16:00 супрацоўнікі Рыжскай муніцыпальнай паліцыі атрымалі наводку на кіроўцу фуры, які, магчыма, сеў за руль у стане алкагольнага ап'янення.
Паліцэйская машына пачала пераследаваць фуру па праспекце Віестура. Паліцыянты запатрабавалі ў кіроўцы спыніцца. Пагоня працягвалася нядоўга — сівы беларус падпарадкаваўся патрабаванням людзей у форме і вылез з кабіны.
Паліцыянты заглушылі рухавік фуры і папрасілі вадзіцеля перасесці ў свой транспарт. Паміж імі адбыўся наступны дыялог:
— Вы сёння ўжывалі алкаголь?
— Так!
— І селі за руль?
— Так!
— Дзіўна гэта...
— Як вы мяне вылічылі?
— Зоркае вока народа...
У крыві кіроўцы выяўлена 3,41 праміле алкаголю, піша Delfi. Такая доза адпавядае моцнаму ап'яненню, але беларус не толькі кіраваў фурай, але і бадзёра размаўляў з паліцыянтамі.