У Харкаве арыштавалі маёмасць прадпрыемства, звязанага з Беларуссю, на $2,9 млн
У Харкаве суд наклаў арышт на маёмасць і карпаратыўныя правы прыборабудаўнічага прадпрыемства, звязанага з Беларуссю. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай паліцыі Украіны.
Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці вымяральных прыбораў, інструментаў для даследавання і навігацыі. Яго бенефіцыярным уласнікам з'яўляецца грамадзянін Беларусі. Факт усплыў падчас расследавання крымінальнай справы па факце калабарацыйнай дзейнасці.
Суд наклаў арышт на беларускую частку карпаратыўных правоў прадпрыемства і нерухомасць плошчай 20 тыс. квадратных метраў коштам 82 мільёны грыўняў. Таксама накладзены арышт на маёмасць, канфіскаваную падчас ператрусу.
Агульны кошт арыштаваных актываў — больш за 112 мільёнаў грыўняў, або амаль 2,9 мільёна долараў паводле рынкавага курсу на 25 ліпеня.