У Капыльскім раёне навучэнец каледжа ударыў нажом равесніка
Крымінальную справу супраць 16-гадовага падлетка пачаў Капыльскі райаддзел Следчага камітэта. Хлопца падазраюць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання равесніку, паведамляе прэс-служба СК.
Здарэнне адбылося ўдзень 19 снежня. Па звестках следства, на тэрыторыі каледжа ў Капыльскім раёне другакурснік пасварыўся з равеснікам і ўдарыў яго нажом.
Пацярпелага шпіталізавалі, яму аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.
Непаўналетняга хлопца затрымалі. Следчыя знайшлі і канфіскавалі прыладу злачынства ды іншыя рэчавыя доказы, па якіх прызначаны шэраг экспертыз.
Таксама следства збірае матэрыялы, якія характарызуюць асобу падазронага, які пражывае з маці.