У Італіі ў беларуса канфіскавалі аўтамабіль Toyota Rav4 Hybrid
Расследаванне мусіць вызначыць яго сапраўднае паходжанне (ілюстрацыйнае фота) / facebook.com
У Італіі ў 42-гадовага беларуса канфіскавалі аўтамабіль Toyota Rav4 Hybrid. Яго кошт складае каля 35 тысяч еўра. Як піша stampareggiana.it, паліцэйскія спынілі аўтамабіль з беларускімі нумарамі для праверкі. Ім кіраваў беларус, які жыве ў Польшчы і мае польскія правы. У паліцэйскіх узніклі падазрэнні, што легкавік можа быць угнаны, і праверка працягнулася ў аддзяленні паліцыі ў горадзе Рэджа-нэль-Эмілія.
Выявілася неадпаведнасць паміж годам выпуску аўтамабіля і датамі ў рэгістрацыйных дакументах, а таксама іншыя несупадзенні камплектацыі з данымі, прадастаўленымі вытворцам. Расследаванне мусіць вызначыць яго сапраўднае паходжанне.
Беларуса не сталі затрымліваць. Паліцыя высвятляе, ці ён мае дачыненне да незаконнай легалізацыі аўтамабіля.