У інтэрнэт-крамах долар лічаць па 15 тысяч рублёў

На ўвядзенне 30%-га збору за пакупку валюты Саўмін адрэагаваў пастановай №2017. Была абвешчана забарона на рост коштаў на спажывецкія тавары.

Аднак многія ўжо раз-пораз заўважаюць змены на цэнніках. Калі не на канкрэтныя тавары, то ў сферы абслугоўвання дакладна.

 

У нядзелю выпраўляемся ў салон друку ў цэнтры сталіцы, каб зрабіць тэрміновае фота на дакументы. Кошт за паслугу склаў 59000 рублёў. Расплаціўшыся, заўважаем, як кансультант наразае новыя цэннікі. Цікавімся, колькі будзе каштаваць тэрміновае фота на дакументы ўжо з панядзелка 22-га снежня.

“65 тысяч рублёў тэрміновае фота і 54, калі забіраць на наступны дзень”, — адказвае кансультант.

Рост за паслугу склаў прыкладна 10%.

 

Звяртаемся ў сталічную цырульню, якая першай трапілася на шляху. Знаходзіцца яна па вуліцы Чайлыткі. Яшчэ некалькі тыдняў таму мужчынская стрыжка тут каштавала 100 тысяч.

“А сёння — 120 тысяч. Ці вырасце кошт пасля Новага года, не ведаю. Пакуль такіх размоваў не было”, — адказваюць у цырульні.

Атрымліваецца, цягам снежня кошт на мужчынскую стрыжку ў гэтай канкрэтнай цырульні вырас на 20%.

 

Правяраем, ці падаражэлі паслугі сталічных аўтасэрвісаў.

“Ці будуць змены, мы яшчэ не абмяркоўвалі. Норма-гадзіна ў нас па-ранейшаму каштуе 280 тысяч рублёў”, — апісваюць сітуацыю на СТА, якое месціцца побач з будаўнічым рынкам.

 

Звязваемся з аўтасэрвісам, які працуе пры буйной кампаніі, што гандлюе новымі еўрапейскімі аўтамабілямі.

“Пакуль рашэнне наконт коштаў мяняць не будуць. Да Новага года дакладна”, — распавядаюць на аўтасэрвісе.

Выходзіць, у сферы па аказанні рамонтных аўтапаслуг пакуль татальнага росту на цэнніках у рублях няма.

Што адбываецца ў сферы абслугоўвання, прыкладна зразумела: апошнія падзеі на валютным рынку ў кожным разе выклікалі мітусню.

Што тычыцца імпартных спажывецкіх тавараў, то каб зразумець тэндэнцыі, знаёмімся з цэнамі на модны iPhone 6 (памяць 16 Gb) малога памеру.

 

Яшчэ тыдзень таму такую цацку ў інтэрнэт-крамах можна было набыць прыкладна ад 750 долараў. У беларускіх рублях гэта складала прыкладна ад 8,3 мільёнаў.

А сёння кошты ўжо перавалілі за 10 мільёнаў.

Абзвоньваем шэраг інтэрнэт крамаў. Пасля закрыцця onliner.by паўсюль баяцца нават прамаўляць слова долары і казаць пра падаражанне. Але ў той жа час кошты ўсюды неадменна паднялі.

У адной з крамаў нам гатовы прадаць iPhone 6 за 755 умоўных адзінак. Пры гэтым на сайце пазначана сума ў рублях — 11 325000. То бок адзін долар там лічаць па 15000 рублёў.

Падобная сітуацыя ў яшчэ адной інтэрнэт-краме. Там цэннік перакрэслены з 9047000 на 11100000. У дадзеным выпадку кошт вырас прыкладна на 23%.

Тэлефануем у буйны сталічны салон музычных інструментаў. Там кошты пакуль не змяніліся, але нам раяць хутчэй прыязджаць і закупляцца.

“У нас увесь тавар імпартны, мы яго бярэм за валюту. Кошты ў кожным разе з часам будуць падымацца. Мы старыя запасы распрадаём. А новыя паступленні будуць даражэць”, — тлумачыць кансультант музычнай крамы.

Такім чынам, відавочна, што кошты на некаторыя тавары і паслугі пасля “чорнай пятніцы” змяніліся. Ці здолеюць Мінгандлю з Саўмінам стрымаць іх?