У інтэрнэце з'явілася петыцыя за вызваленне Віктара Бабарыкі

У інтэрнэце з'явілася петыцыя за вызваленне Віктара Бабарыкі

Інтэрнет-петыцыя за вызваленне Віктара Бабарыкі з'явілася на сайце change.org. Петыцыя імкліва набірае колькасць падпісантаў. Па стане на 10:00 яе падпісалі больш за 53 тысячы чалавек. 

Аўтар петыцыі патрабуюць вызваліць з-пад варты прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду і спыніць пераслед яго самога, яго сям'і і блізкіх, а таксама яго ініцыятыўнай групы. 

"Затрыманне Віктара Бабарыкі з'яўляецца грубым парушэннем чалавечых правоў у дачыненні да самога Віктара Бабарыкі, а таксама грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць аддаць свой голас за яго на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Мы патрабуем забяспечыць законнасць і роўныя магчымасці для правядзення выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі", — гаворыцца ў петыцыі.

Віктар Бабарыка разам са сваім сынам Эдуардам быў затрыманы 18 чэрвеня і дапытаны ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю без доступу адвакатаў. 

Пасля гэтага старшыня КДК Іван Церцель паведаміў, што альтэрнатыўны прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду затрыманы па "справе Белгазпрамбанка". Па словах Церцеля, гаворка ідзе пра вывад за мяжу краіны 430 мільёнаў долараў. Ён абверг сувязь паміж прэзідэнцкай кампаніяй і затрыманнем самага моцнага з канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі

Увечары 18 чэрвеня ў Мінску прашлі стыхійныя акцыі ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, і найперш — Віктара Бабарыкі. Жывыя ланцугі станавіліся ўздоўж праспекта Незалежнасці і дайшлі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці. Сярод іншага ўдзельнікі скандавалі: "Выпускай!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.