У Хабараўску звольнілі таксоўцаў, якія прымусілі пасажырак памыцца зялёнкай
У Хабараўску звольнілі таксоўцаў, якія прымусілі безграшовых пасажырак запэцкаць сабе твары зялёнкай, паведамляе Бі-Бі-Сі. Служба таксі "Максім" пагадзілася скасаваць дамову з таксоўцамі пасля звароту Далёкаўсходняй асацыяцыі перавозчыкаў.
Відэа гэтай сцэны з'явілася ў інтэрнэце 26 жніўня. За два дні яго праглядзелі каля ста тысяч чалавек. Трапіла відэа і на федэральныя тэлеканалы — "Расія" і "Рэн-ТВ".
На відэазапісе відаць, як два мужчыны каля таксоўкі прымушаюць дзяўчыну памыцца зялёнкай. Побач стаіць яе сяброўка, у якой ужо зялёны твар, і яшчэ адзін мужчына — як мяркуецца, таксама таксіст.
Па словах кіроўцаў, дзяўчаты ехалі без грошай, таму яны вырашылі такім чынам пакараць безграшовых пасажырак.
Пасля з'яўлення відэа на Youtube хабараўская паліцыя пачала праверку.
Увага! На відэа — сцэна здзекаў, гучыць нецэнзурная лексіка.