У Гродне судзілі хлопца, які напісаў пра планы здзейсніць масавае забойства
Сябру ён напісаў з тэлефона маці (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com
У Гродне судзілі хлопца, які напісаў сябру пра планы здзейсніць масавае забойства на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. За паведамленне ў Telegram ён атрымаў 1,5 года "хатняй хіміі", паведамляе Hrodna.life.
У той вечар малады чалавек быў у стане алкагольнага ап'янення. Сябру ён напісаў з тэлефона маці. Вядома, што хлопец мае вышэйшую адукацыю, працуе па дамове падраду ў адной з арганізацый.
Крымінальную справу яшчэ ў лістападзе 2023-га разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна. Яе фігуранта прызналі вінаватым у "заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы". Суд быў адкрыты, яго правялі на выязным пасяджэнні ва ўніверсітэце. Гродзенскі абласны суд пакінуў прысуд без зменаў.