У цэнтры Мінска аўто з расійскімі дыпнумарамі ўчыніла аварыю (фота)

Аўтааварыя ў цэнтры Мінску каля цырку адбылася ўдзень 23 снежня. Пікантнасць ёй надало тое, што ўчыніў яе аўтамабіль з расійскімі дыпламатычнымі нумарамі.
Як паведамляе onliner.by са спасылкай на ДАІ, прыкладна ў 12.20 на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы сутыкнуліся тры аўтамабілі — Mazda, Chrysler і Suzuki.
На "Маздзе" з расійскімі дыпнумарамі ехаў па праспекце 42-гадовы мужчына ў напрамку плошчы Перамогі. Паводле папярэдніх звестак, ён выехаў на скрыжаванне на забараняльны сігнал светлафора. Там з ім сутыкнуліся Chrysler і Suzuki, якія ехалі па вуліцы Янкі Купалы і выязджалі на скрыжаванне на зялёнае святло.
Аўтааварыя не толькі паралізавала на нейкі час рух па праспекце Незалежнасці. 53-гадовы кіроўца Chrysler трапіў у лякарню: у яго дыягнаставалі пералом рэбраў і ўшыб галаўнога мозгу. Болей шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.
Фота: onliner.by і odas.by