У Брэсце асудзілі забойцаў таксоўца
У судзе Брэсцкага раёна 4 студзеня быў абвешчаны прысуд па гучнай крымінальнай справе аб забойстве таксоўца. Усе падсудныя атрымалі вялізныя тэрміны зняволення, піша sb.by.
Цела мужчыны знайшлі 20 красавіка 2017 года ў меліярацыйным канале каля вёскі Дружба Брэсцкага раёна. Следства выявіла, што забойства з асаблівай жорсткасцю ўчынілі два непрацуючыя жыхары Ліды Андрэй Міхайлоўскі і Ян Арлоўскі (аднаму з іх цяпер 25, другому 24 гады), а таксама 31-гадовы жыхар аграгарадка Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна Андрэй Кендысь.
Паведамляецца, што маладыя людзі хацелі атрымаць аўтамабіль, дзеля чаго і наважыліся на злачынства. Яны знайшлі таксоўца без сям'і, бо лічылі, што яго ніхто не будзе шукаць. 19 красавіка зламыснікі селі да яго ў таксі і папрасілі адвезці іх у Чарнаўчыцы, а потым утраіх забілі ахвяру. Таксісту было нанесена каля 60 цялесных пашкоджанняў...
Усе апазнавальныя знакі таксі, пашпарт і пасведчанне кіроўцы забітага мужчыны зламыснікі спалілі. Затрымалі іх у Гродзенскай вобласці.
Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала ўсіх траіх вінаватымі ў забойстве, разбоі і крадзяжы асабістых дакументаў. Ян Арлоўскі асуджаны на 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Андрэй Міхайлоўскі правядзе 23 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
З усіх зламыснікаў у зробленым раскаяўся і прызнаў сваю віну толькі Андрэй Кендысь. Пасля абвяшчэння прысуду ён яшчэ раз папрасіў прабачэння ў блізкіх забітага таксоўца. Яго асудзілі на 24 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
З асуджаных будзе спагнана ў салідарным парадку грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на карысць маці і брата загінулага таксоўца — па 50 тысяч рублёў кожнаму.
Прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным Судзе.