У Брэсце асудзілі ўкраінца за згвалтаванне сямігадовай дзяўчынкі
У Брэсце асудзілі ўкраінца за сэксуальны гвалт супраць сямігадовай дзяўчынкі. Як піша брэсцкая абласная газета "Заря", сэксуальнае злачынства адбылося яшчэ ў 2014 годзе. Віноўнікам апынуўся грамадзянін Украіны. У сябе на радзіме 58-гадовы мужчына тройчы прыцягваўся да адказнасці за падобныя злачынствы.
У Брэст гвалтаўнік прыбыў цягніком. Пры сабе мужчына меў пакунак, у якім схаваў вяроўку. Гэты факт сведчыць, што да злачынства ён загадзя рыхтаваўся.
Прыехаўшы ў Брэст, мужчына адразу накіраваўся да адной з дзіцячых спартыўных установаў. Па дарозе ён сустрэў сямігадовую дзяўчынку, якая ішла на заняткі. Аказаўшы псіхалагічнае ўздзеянне, мужчына падняўся з ёй на адзін з тэхнічных паверхаў будынка. Менавіта там ён і ўчыніў супраць яе незаконнныя дзеянні.
Пасля гэтага злачынец пакінуў ахвяру і ўцёк. Дарэчы, вяроўку педафілу не прыйшлося ўжываць, бо псіхалагічна прыгнечанае дзіця не крычала і не клікала па дапамогу.
У той жа дзень зламыснік з'ехаў з Беларусі ў Расію. Аднак аператыўнікі высветлілі асобу злачынца на працягу трох сутак. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. Мужчыну абвясцілі ў міжнародны вышук, а праз нейкі час затрымалі ў Расіі і экстрадзіравалі ў Беларусь.
Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў мужчыну вінаватым і прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі ўзмоцненага режыму.