У Беларусі збіраюцца мабілізаваць школьнікаў для "бітвы за ўраджай"
Школьнікі працуюць у Аршанскім раёне / З архіву orshanka.by
У Беларусі збіраюцца мабілізаваць школьнікаў для "бітвы за ўраджай". Гэта прагучала ў панядзелак падчас кадравых прызначэнняў у Аляксандра Лукашэнкі. Сярод прызначаных былі кіраўнікі раённых выканкамаў. Лукашэнка загадаў прыцягваць для прыборкі з палёў бульбы, буракоў і іншага "дадатковыя працоўныя рэсурсы": "Мабілізуйце ўсіх!".
Аляксандра Лукашэнку абурыла, што кіраўніцтва некаторых школ вырашыла не прыцягваць вучняў да сельскагаспадарчых працаў. Ён назваў гэта "дзікасцю", бо лічыць, што праца падлеткаў на палях — гэта станоўчы досвед, які "парадуе" бацькоў, а для дзяцей стане таксама "добрай фізічнай падрыхтоўкай". Лукашэнка загадаў "мабілізоўваць" "студэнтаў, рабочых, дзяржаўных служачых, іншых людзей, каб дапамагчы нам прыбраць гэта ўсё".