У Беларусі заблакаваны расійскі сайт Sports.ru
Доступ да Sports.ru абмежаваны / Еўрарадыё
Раніцай 22 мая на тэрыторыі Беларусі перастаў адкрывацца найбуйнейшы расійскі спартовы сайт Sports.ru. Некаторыя жыхары Беларусі пры спробе зайсці на яго бачаць пусты экран, іншыя — паведамленне аб блакаванні Міністэрствам інфармацыі.
Па стане на 10:00 сайт недасяжны праз ByFly, А1, МТС.
Адзін з заснавальнікаў Sports.ru — беларус Дзмітрый Навоша. Ён неаднаразова выступаў супраць гвалту з боку сілавікоў і крытыкаваў рэпрэсіі, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. А адным з мінарытарных акцыянераў Sports.ru у 2019 годзе стаў вядомы блогер Юрый Дудзь. З 2011 года ён быў галоўным рэдактарам сайта, а на той момант займаў пасаду намесніка гендырэктара.
У лютым 2021 года асноўным уладальнікам Sports.ru стаў інвестыцыйны фонд заснавальніка касметычнай кампаніі Faberlic бізнесоўца Аляксея Нячаева. Ён апошнім часам пазіцыянуе сябе як лідара расейскай партыі "Новыя людзі".