У Беларусі ўжо 929 палітвязняў

У Беларусі ўжо 929 палітвязняў

У Беларусі ўжо 929 палітвязняў. Праваабаронцы дадалі ў спіс яшчэ 10 прозвішчаў. Гэта — Віталь Бойка, Сяргей Дубік, Аліна Забаштанская, Аляксандр Касьянчук, Аляксей Лой, Яўген Пак, Аляксандр Пачкоўскі, Аляксандр Сяліцкі, Андрэй Тарановіч, Руслан Шыла. Праваабарончая супольнасць лічыць іх справы палітычна матываванымі і патрабуе вызвалення.

Тарановіч асуджаны судом Ганцавіцкага раёна за "здзек над дзяржаўным сімвалам" (парваў сцяг) на 1 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. За тое самае і на такі ж тэрмін асуджаны судом Івацэвіцкага раёна Шыла. Дубік узяты пад варту па абвінавачванні ў "абразе прадстаўніка ўлады" і за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку. Забаштанская ўзята пад варту за каментары ў сацсетках пра перастрэлку, у якой загінулі айцішнік і супрацоўнік КДБ. Бойка асуджаны судом Жабінскага раёна за "абразу прадстаўніка ўлады" і "абразу прэзідэнта" да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Сяліцкі асуджаны за "абразу прадстаўніка ўлады" да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пачкоўскі асуджаны судом Светлагорскага раёна на 1 год калоніі агульнага рэжыму за "абразу" Аляксандра Лукашэнкі. Па тым жа абвінавачванні Пак узяты пад варту. Касьянчук асуджаны судом Лідскага раёна за "абразу прэзідэнта" да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Лой асуджаны судом Ваўкавыскага раёна на 6 месяцаў “хатняй хіміі” за "абразу сцяга". У апеляцыйным парадку прысуд зменены на год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.