У Беларусі працягнулі забарону на ўвоз прадукцыі Nivea, Skoda і Liqui Moly
Nivea / pixabay.com
Урад Беларусі працягнуў забарону на ўвоз у краіну прадукцыі фірмаў Nivea, Skoda і Liqui Moly.
Упершыню рэжым Лукашэнкі ўвёў гэтую забарону ў траўні 2021 года і потым неаднаразова падаўжаў. Цяпер яе дзеянне падоўжанае да 31 снежня 2025 года.
Забарона была ўведзеная пасля таго, як кампаніі адмовіліся быць спонсарамі чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў выпадку яго правядзення ў Беларусі. Так яны адрэагавалі на жорсткае задушэнне масавых пратэстаў у нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У выніку чэмпіянат быў перанесены з Беларусі. А папулярную прадукцыю гэтых фірмаў забаранілі, заявіўшы пра "абарону нацыянальных інтарэсаў з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа".
Пры гэтым пад забарону на ўвоз не трапляюць фізічныя асобы, якія вязуць тавары пад гэтымі брэндамі для асабістага карыстання.