У Беларусі пачалася адпраўка ў войска салдат тэрміновай службы вясновага прызыву

Уручэнне позваў прызыўнікам / @modmilby
Каля 10 тысяч навабранцаў плануе накіраваць у войска гэтай вясной Мінабароны Беларусі. Сёння пачалася адпраўка прызыўнікоў па месцы службы.
"У першы дзень накіравана каля 1 тысячы прызыўнікоў", — расказалі ў ваенным ведамстве. Іх адправілі ў войска сіл спецаперацый, у 72-й Акруговы навучальны цэнтр і Мінскую ваенную камендатуру.
Усяго прызыву гэтай вясной падлягалі 43 тысячы маладых людзей. Праз медкамісіі прайшло больш за 23 тысяч чалавек. 13 тысяч з іх атрымалі адтэрміноўку, у большасці выпадкаў — у сувязі з навучаннем у ВНУ.
У Мінабароны таксама нагадалі пра прывілей, які ёсць у студэнтаў сельскагаспадарчых ВНУ. Яны могуць на жаданне выбраць службу ў рэзерве і прайсці яе падчас канікул.
У вясновы прызыў таксама мяркуецца задзейнічаць рэзервістаў. Для праходжання службы ў рэзерве "ў гэты ж перыяд плануецца накіраваць каля 200 чалавек", адзначылі ў Мінабароны.
Прысяга ў навабранцаў адбудзецца 21 траўня 2022 года. У траўні чакаецца і звальненне ў запас вайскоўцаў, якія адслужылі свой тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.