У Беларусі на аўкцыён выставілі кватэру Аляксандры Герасімені

Кватэра Аляксандры Герасімені

Кватэра Аляксандры Герасімені / e-auction.by

На аўкцыён у Мінску выставілі чатырохпакаёвую кватэру і парковачнае месца, якія належаць вядомай плыўчысе Аляксандры Герасімені. Абвесткі з'явіліся на сайце "Белюрзабеспячэння".

Кватэра размяшчаецца на вуліцы Філімонава. Яе агульная плошча — 120,5 квадратнага метра. У памяшканні зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку адзін непаўналетні. Сярод абцяжаранняў называецца арышт следчых органаў.

Таргі прызначаныя на 19 жніўня.

У 2020 годзе трохразовая медалістка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя падтрымала народныя пратэсты і падпісалася пад лістом спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў.

У снежні 2022-га Мінскі гарадскі суд прысудзіў ёй завочна 12 гадоў калоніі, прызнаўшы вінаватай у закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК). Гэта максімальны тэрмін па гэтым артыкуле. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць маёмасць спартоўкі: больш за 48 тысяч долараў на рахунках, машыну Land Rover, мабільнікі, кватэру, машынамесца, лядоўню, акустычную сістэму і г.д.

Пасля прысуду Герасіменя расказвала журналістам, што кватэра знаходзіцца ва ўласнасці яе сваяка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.