У Беларусі хворага на рак лімфавузлоў асудзілі на 5 гадоў калоніі

У Беларусі хворага на рак лімфавузлоў асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Кучынскага прызналі вінаватым па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: у "абразах" Аляксандра Лукашэнкі, суддзі, "прадстаўніка ўлады", у "гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".
Справу разглядаў суд Вілейскага раёна, суддзя — Канстанцін Калядаў. Ён пастанавіў, што Кучынскі таксама павінен выплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды начальніку РАУС Маладзечанскага раёна Вадзіму Прыгару — 1500 рублёў, і памочніку камандзіра ўзвода ППС Генадзю Філістовічу — 1000 рублёў.
Да 2020 года Павел Кучынскі працаваў на "Інтэграле". Пасля даведаўся пра анкалогію і атрымаў штамп "непрацаздольны". Яго затрымалі ў студзені 2022-га за каментары ў Telegram. Хворага на анкалогію адправілі за краты ў Жодзіна, адкуль перыядычна вазілі на допыты ў Маладзечна. Праваабаронцы прызналі Кучынскага палітвязнем.
Павел Кучынскі мае інваліднасць 2-й групы, у яго чацвёртая стадыя рака.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.