У Беларусь перабраўся прарасійскі блогер, асуджаны ў Латвіі

Дзмітрый Матаеў / кадр з яго відэаблога
У Беларусь пераехаў прарасійскі блогер Дзмітрый Матаеў, якога ў Латвіі асудзілі за апраўданне ваенных злачынстваў Расіі ва Украіне і распальванне нацыянальнай варожасці. У Беларусі Матаеў раздае інтэрв'ю прапагандысцкім СМІ, заўважыла выданне reform.news.
Прысуд Матаеву ў лістападзе 2024 года вынес Рыжскі гарадскі суд. Падставай сталі ролікі блогера ў TikTok, у якіх ён "сістэматычна і наўмысна апраўдвае злачынствы, учыненыя расійскімі Узброенымі сіламі ва Украіне, а таксама асуджае падтрымку Украіне з боку Латвіі". Напрыклад, Матаеў асудзіў антываенны плакат насупраць расійскай амбасады ў Рызе, абражаў праўкраінскія інсталяцыі, называў украінскі сцяг "сіне-жоўтай цвіллю".
Матаеву прысудзілі год турмы, залічыўшы ў тэрмін пакарання час перабывання пад вартай. На волю ён выйшаў у красавіку 2025-га. У інтэрв'ю БЕЛТА мужчына расказаў, як пасля вызвалення ўцёк з Латвіі з сям'ёй за 48 гадзін.
Матаеў кажа, што яны з жонкай, грамадзянкай Латвіі, і дзецьмі жылі ў Беларусі з 2022 года. Калі жонка зацяжарыла трэцім дзіцем, сям'я вярнулася ў Латвію на роды. Там Матаева затрымалі. Пасля вызвалення ён з сям'ёй выехаў у Беларусь, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам.
Дарэчы, блогер працягвае здымаць відэа, выкладвае іх у YouTube і ў Telegram. У іх пераважна расказваецца, як дрэнна жыць у Латвіі і як добра ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.