У Барселоне перакуліўся аўтобус, у якім былі беларускія турысты (фота)

У Барселоне перакуліўся аўтобус, у якім былі беларускія турысты (фота)

У Барселоне перакуліўся турыстычны аўтобус, які ішоў з горада Льярэт-дэ-Мар у аэрапорт Эль-Прат. Як паведамляюць іспанскія СМІ, пацярпелі сама меней 24 чалавекі, сярод якіх кіроўца і 23 турысты. Усіх іх даставілі ў розныя медустановы горада. У аўтобусе сярод інных знаходзіліся і беларускія турысты.

Трое пацярпелых атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні і трапілі ў лякарні. Шэсць чалавек атрымалі менш сур’ёзныя пашкоджанні, яшчэ 15 турыстаў траўмаваныя адносна лёгка. У аўтобусе былі пасажыры з розных краінаў, у тым ліку чацвёра беларусаў.

Як паведамляе Onliner.by са спасылкай на прэс-службу МЗС, інфармацыя пра беларускіх турыстаў, пацярпелых у здарэнні, правяраецца.

Аварыя адбылася каля 3.00 паводле мясцовага часу. На трасе быў інтэнсіўны рух. Пасля паведамлення аб аварыі на месца прыбылі экстраныя службы. Цягам болей дзвюх гадзінаў рух на дарозе быў ускладнены і яго аднавілі толькі ў 5.45.

Абставіны здарэння высвятляюцца. Паведамляецца, што ў момант ДТЗ траса была мокрай з-за моцнага дажджу.