У Баранавічах за паклёп на Лукашэнку судзілі пенсіянера з інваліднасцю
У судзе
Баранавіцкі суд прысудзіў мясцоваму пенсіянеру Івану Норку паўтара года "хатняй хіміі" за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, паведамляюць праваабаронцы. У мужчыны ёсць інваліднасць.
65-гадовага Івана Норку затрымалі і змясцілі пад варту яшчэ 10 ліпеня, праз трое сутак адпусцілі пад хатні арышт. Судзілі ў канцы жніўня, пасяджэнне суда было выязным і праходзіла ў будынку аднаго з мясцовых ЖЭСаў.
Па версіі абвінавачвання, пенсіянер адзначыў падабайкай у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" адну з публікацый. Экспэртыза выявіла ў гэтай публікацыі "недакладныя звесткі" пра тое, што Аляксандр Лукашэнка датычны да некалькіх злачынстваў ("акту тэрарызму", "забойства", "перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў"). Прысуд вынес суддзя Мікалай Кміта.