У барацьбе супраць наркотыкаў гродзенскія спявачкі ляглі на рэйкі (фота)
У Гродне 29 траўня правялі акцыю супраць наркотыкаў.
У ёй можна было ўбачыць цягнік у выглядзе смерці, паркуршчыкі як анёлы і дэманы ды звязаныя на рэйках спявачкі.
Дзяўчаты з поп-гурта "3D" спявалі, лежачы на рэйках перад цягніком. У гэты час паркуршчыкі з "Гродна BLR" у пастановачным баі з элементамі акрабатыкі змагаліся за "палонніц". Група ў цёмным адлюстроўвала зло, якое прыносяць наркотыкі, а ў белым — чалавечыя каштоўнасці.
Насустрач танцуючым артыстам рухаўся цеплавоз у выглядзе смерці. Каб зрабіць сітуацыю максімальна бяспечнай, на месцы знаходзілася транспартная міліцыя.
Шакавальную акцыю арганізатары зрабілі, каб звярнуць увагу на значны рост злачынстваў, звязаных з наркотыкамі сярод падлеткаў. Так артысты паспрабавалі адлюстраваць жах і пачуцці людзей, якія ўжываюць наркотыкі.
Фота — Еўрарадыё