Пацвердзіўся нашумелы авіярэйс, які нібыта перавозіў у Сербію беларускія МіГ-29
Самалёт кампаніі “Антонаў”/ ANTONOV COMPANY
Украінскі авіяперавозчык "Антонаў" пацвердзіў пералёт самалёта АН-124-100 з Беларусі ў Сербію. Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, падчас рэйса 15-17 траўня грузавы самалёт кампаніі "Антонаў" перавозіў два з чатырох падораных сербскаму боку адрэстаўраваных беларускіх знішчальнікаў МіГ-29. Вядома, што першапачаткова Сербія хацела набыць авіятэхніку, але пазней атрымала самалёты ад Беларусі ў падарунак. "Антонаў" не выдае, што з'яўлялася грузам АН-124, спасылаючыся на "ўмовы падпісанага кантракта".
“У палёце на самалёце ўзнікла тэхнічная няспраўнасць, у выніку якой было прынята рашэнне аб прызямленні ў запасным аэрапорце Будапешт, Венгрыя. Пасля аператыўнай дастаўкі туды неабходнай запчасткі і ліквідацыі няспраўнасці самалёт бяспечна завяршыў чартарны рэйс у Сербію", — паведамляецца ў афіцыйным адказе авіякампаніі. Пры гэтым у Мінабароны Сербіі адзначылі, што не маюць дадзеных аб прызямленні самалёта са знішчальнікамі ў Будапешце.
Як паведамляе "Радыё Свабода", гэта не адзіны выпадак, калі зброя, прызначаная для Сербіі, дастаўляецца з краін, якія знаходзяцца пад санкцыямі, праз паветраную прастору краін-чальцоў ЕС.
"Такія перавозкі не падпадаюць пад санкцыі Украіны (краіны эксплуатанта), Еўрапейскага Саюза (краіны па маршруце) і Вялікабрытаніі (краіны, дзе знаходзяцца перастрахоўшчыкі самалётаў ДП "Антонаў")", — падкрэслівае ў афіцыйным паведамленні ўкраінскі авіяперавозчык. Варта адзначыць, што "Антонаў" з'яўляецца дзяржаўнай авіякампаніяй.