У Абхазіі натоўп узяў штурмам будынак адміністрацыі прэзідэнта
У Абхазіі натоўп узяў штурмам будынак адміністрацыі прэзідэнта. Улады рэспублікі назвалі сённяшнія падзеі спробай дзяржаўнага перавароту.
Удзельнікі акцыі пратэсту ў Сухумі, якіх сабралося некалькі соцень чалавек, не згодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Яны прайшлі летам 2019-га. Рауль Хаджымбу атрымаў больш за 47% галасоў, апазіцыянер Алхас Квіцынія — каля 46%. Спроба апазіцыі абскардзіць вынікі другога тура выбараў у судзе скончылася нічым. Гэта і стала падставай для пратэстаў. Апазіцыя патрабуе адстаўкі прэзідэнта Хаджымбы, паколькі ён не набраў 50% галасоў.
Сайт kavkaz-uzel.eu падкрэслівае, што пратэсты пачаліся пасля нядаўняй перастрэлкі ў Сухумі, у якой загінулі трое чалавек. Арыштаваны па справе працаваў у прэзідэнцкай ахове. Апазіцыя лічыць, што пасля гэтага прэзідэнт мусіць пайсці ў адстаўку.
Падчас штурму пратэстоўцы (а іх колькасць павялічылася да тысячы чалавек) выбілі вокны і выламалі дзверы ў будынку адміністрацыі прэзідэнта. Група людзей уварвалася ў яго, адбыліся сутычкі з сілавікамі.
Абхазія — самаабвешчаная рэспубліка, якая раней уваходзіла ў склад Грузіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.