У 2025 годзе ВНУ Беларусі прымуць амаль на 5 тысяч студэнтаў менш, чым у 2024-м

Менш “платнікаў”, больш “мэтавікоў” / Sputnik
Беларускія ВНУ ў 2025 годзе скарачаюць набор абітурыентаў — агульны план прыёму складае 48,3 тысячы чалавек. Годам раней планавалася прыняць 52–53 тысячы, паведамляе Міністэрства адукацыі.
Пры гэтым колькасць бюджэтных месцаў павялічана да 31,4 тысячы. Платных месцаў стане менш на 2,7 тысячы — усяго 16,5 тысячы.
Сёлета павялічыцца прыём на інжынерныя, педагагічныя і медыцынскія спецыяльнасці, куды найчасцей паступаюць “мэтавікі”.
Як і ў 2024 годзе, першымі будуць падаваць дакументы “мэтавікі”, пасля гэтага — усе астатнія.
Таксама стала вядома, што ў 2025 годзе будзе спынена падрыхтоўка па 50 спецыяльнасцях. Нагадаем, што годам раней было ліквідавана 20 спецыяльнасцяў. Паводле слоў міністра адукацыі Андрэя Іванца, “каб рыхтаваць сапраўды высокакласнага спецыяліста, а не гнацца за псэўдапрэстыжнасцю таго ці іншага напрамку”.
Дзяржава апошнія гады планамерна скарачае колькасць “платнікаў” і павялічвае колькасць месцаў для “мэтавікоў”. Гэта звязана з дэфіцытам кадраў у Беларусі праз неспрыяльную дэмаграфічную сітуацыю і адток насельніцтва з краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.