У 1,5 разу больш, чым у студзені — у Дзятлаўскім раёне рост захворванняў на ВРІ
Хвароба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Дзятлаўскім раёне ў лютым на вострыя рэспіраторныя інфекцыі хварэла ў 1,5 разу больш людзей, чым у студзені. Адпаведныя звесткі апублікавала мясцовая раённая газета. Магчыма, такі рост ёсць і ў іншых раёнах Беларусі.
У раёне рэгіструецца ўздым захворванняў на ВРІ — на 48,2%. За люты ў раёне, дзе жыве каля 23 тысяч чалавек, зарэгістраваны 1101 выпадак заражэння. Часцей за ўсё хварэлі дзеці: іх удзельная вага сярод хворых склала 67,9%. Між іншага, гэта заўважна больш, чым афіцыйная лічба ў сярэднім па Беларусі — каля 58%.
Тым часам у Мінздароўя сцвярджаюць, што ўсё пад кантролем: "Цяпер у Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя па ВРІ ацэньваецца як кантраляваная. Адзначаецца паступовы прырост колькасці хворых". Пры гэтым чыноўнікі ведамства дадаюць, што "ўзровень захворванняў на ВРІ ніжэй за эпідэмічны".