Тым, хто працуе з дзяржтаямніцамі, пагражае тэрмін за выезд за мяжу без дазволу
У аэрапорце, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусі ўведзена крымінальная адказнасць за незаконны выезд за мяжу грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы. Дапаўненні ў Крымінальны кодэкс прапісаны ў законе нумар 22-3 ад 8 ліпеня "Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх". Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале.
У новай рэдакцыі выкладзены артыкул 375 КК "Наўмыснае разгалашэнне службовай таямніцы". Другі пункт прадугледжвае, што ў выпадку выезду з краіны без дазволу, калі такая паездка пройдзе без "прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 356 і 373 гэтага Кодэкса", служачым пагражае штраф, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. У артыкулах 356 і 373 размова ідзе аб адказнасці за здраду дзяржаве і разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы.
Калі разгалашэнне службовай інфармацыі пацягне за сабой цяжкія наступствы, служачаму будзе пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.