Трамп увёў для Індыі дадатковыя пошліны 25% за куплю расійскай нафты

Дональд Трамп

Дональд Трамп / Anna Moneymaker / Getty Images

Тавары з Індыі, якія паступаюць на мытную тэрыторыю Злучаных Штатаў, павінны абкладацца дадатковай пошлінай у памеры 25%. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Дональд Трамп.

Прычынай ён назваў тое, што Індыя купляе нафту ў Расіі.

"Я лічу неабходным і мэтазгодным увесці дадатковую адвалорную пошліну на імпарт тавараў з Індыі, якая прама ці ўскосна імпартуе нафту Расійскай Федэрацыі",цытуе Бі-Бі-Сі ўказ Трампа.

Раней прэзідэнт ЗША заяўляў, што купляй нафты ў Расіі Індыя ўскосным чынам падтрымлівае вайну супраць Украіны. Індыя ў адказ заяўляла, што Злучаныя Штаты таксама купляюць некаторыя тавары ў Расіі.

Пасля таго, як расійская нафта трапіла пад амерыканскія і еўрапейскія санкцыі, Індыя стала галоўным яе пакупніком. Нафта з'яўляецца галоўным экспартным прадуктам РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.