Трагедыя ў Турцыі: выбух на вугальнай шахце забраў жыцці 40 чалавек
Выбух на вугальнай шахце ў Турцыі / GETTY IMAGES
Да сарака чалавек павялічыўся лік ахвяр выбуху на вугальнай шахце ў Турцыі, цытуе BBC міністра ўнутраных спраў краіны Сулеймана Сойлу.
Трагедыя на шахце адбылася ў пятніцу, у момант выбуху пад зямлёй знаходзілася каля 110 чалавек. З іх палова — на глыбіні больш за 300 метраў. Усю ноч аварыйныя брыгады спрабавалі дабрацца праз завалы да тых, хто выжыў. Да гэтага моманту выратаваць атрымалася 58 гарнякоў, яшчэ 15 чалавек застаюцца ў падземнай пастцы.
Прычына выбуху пакуль не вядомая, мясцовая пракуратура пачала расследаванне. Па папярэдніх дадзеных міністэрства энергетыкі Турцыі выбух мог быць выкліканы руднявым газам.