Толькі кожны сёмы ўладальнік візы Poland. Business Harbour уехаў у Польшчу
Віза
Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю і Следчы камітэт выявілі парушэнні ў працы праграмы Poland. Business Harbour. Гэта візавая праграма польскага ўрада для IT-спецыялістаў з Беларусі і іх сем'яў.
Усяго за час існавання праграмы ў Польшчу па візе PBH заехала 13,5 тысячы чалавек, піша польскае выданне Rzeczpospolita. Пры гэтым было выдадзена больш за 93 тысячы віз (больш за 88 тысяч з іх атрымалі грамадзяне Беларусі). Выходзіць, толькі кожны сёмы ўладальнік візы выкарыстаў яе па прызначэнні.
Хто акрамя беларусаў атрымліваў такія візы?
Візу PBH беларусы маглі атрымліваць пачынаючы з верасня 2020 года. Яна гарантавала просты пераезд у Польшчу. Канцылярыя прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага пазіцыянавала гэта як магчымасць для стартапаў і буйнейшых кампаній лёгка і хутка асталявацца ў Польшчы.
Праз год праграму пашырылі на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі і Расіі. Але Rzeczpospolita са спасылкай на ўласныя крыніцы піша, што візы па праграме атрымлівалі і грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у гэты спіс. Сярод іх грамадзяне Індыі, Ірана, Карэі, Японіі і Азербайджана.
Дэпутат і старшыня парламенцкай камісіі па расследаванні візавага скандалу Марэк Сова кажа, што многіх удзельнікаў праграмы цікавіла не яна сама, а магчымасць атрымаць польскую візу. Нягледзячы на тое, што праграма прадугледжвае, што фармальна чалавек атрымлівае нацыянальную візу, гэта дае яму права перасоўвацца па ўсёй Шэнгенскай зоне.
"Больш за тое, мы сутыкаліся з такімі выпадкамі, калі грамадзяне Індыі выправіліся ў ЗША праз Мексіку па візе PBH", — кажа Марэк Сова.
“Візу масава выдавалі ўсім авхочым”
Але праграма была рэалізаваная ў абыход абавязковых працэдур і без кансультацыі з МЗС, піша Rzeczpospolita са спасылкай на парламенцкую камісію, якая займалася расследаваннем злоўжыванняў праграмы. Яе поўны даклад будзе апублікаваны ў канцы лістапада.
"Гэтая надзвычай важная для дзяржаўнай бяспекі праграма фактычна была ўведзеная незаконна. Не была прынятая нават пастанова Савета сіністраў, і МЗС проста сутыкнулася з фактам", — кажа Марэк Сова.
Паводле яго, на консулаў ціснулі, каб яны "нават не правяралі кампетэнтнасць людзей, якія атрымалі візы PBH". Іх масава выдавалі ўсім ахвочым.