Таямнічы фонд Лукашэнкі заснаваў "дачку" ў Расіі

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Лукашэнкі

Таямнічы "Фонд першага", які з'явіўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, заснаваў у Расіі "дачку". Узначальвае яе былы начальнік упраўлення асабістай аховы Лукашэнкі, высветліла выданне "Зеркало".

Фонд быў заснаваны ў кастрычніку 2022 года на фоне масавага закрыцця дабрачынных арганізацый у Беларусі. Лукашэнка заяўляў, што гэты фонд заменіць закрытыя арганізацыі і будзе працаваць вельмі празрыста. "І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць", — казаў палітык у кастрычніку 2023-га, праз год пасля стварэння фонду.

Аднак фонд праз больш як два гады пасля стварэння ці наогул не вядзе ніякую дзейнасць, ці старанна хавае яе. У адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб і ІП, як выявіла "Зеркало", дагэтуль не пазначаны ні адрас, ні кіраўнік, ні род дзейнасці фонду. У ім лічыцца, як высветлілі журналісты, толькі адзін супрацоўнік, а фінансавых справаздач за мінулыя гады структура не публікавала.

Аднак у лютым 2025-га ён заснаваў "дачку" ў Расіі. Там дабрачынны фонд назвалі "Крыніца". Дырэктарам арганізацыі стаў Мікалай Латышонак — былы кіраўнік упраўлення асабістай аховы Лукашэнкі, а цяпер — яго памочнік.

Фонд зарэгістраваны ў Маскве па тым жа адрасе, што і амбасада Беларусі (вуліца Марасейка, 17/6).

Праз чатыры месяцы пасля заснавання ў гэтай структуры таксама не зафіксавана ніякай дзейнасці. 

Таямнічы фонд Лукашэнкі заснаваў "дачку" ў Расіі
Скрыншот выпіскі з АДР на чэрвень 2025 года

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.