"Там проста пекла". Баі ля Аўдзееўкі і Бахмута — 161-я раніца вайны ва Украіне

Эвакуацыя людзей з Данецкай вобласці​ / facebook.com/vereshchuk.ukraine
Эвакуацыя людзей з Данецкай вобласці​ / facebook.com/vereshchuk.ukraine

У ноч на сераду расіяне зноў наносілі ўдары па Харкаву, Мікалаеву і Крыварожскаму раёну Днепрапятроўскай вобласці. У Харкаве прагрымелі два выбухі — папярэдне абышлося без ахвяр і пажару, піша ў Telegram мэр горада Ігар Церахаў. Пацярпеў толькі інфраструктурны аб'ект.

У Мікалаеве пажар быў, разбураны супермаркет. У Крыварожскім раёне пад абстрэл патрапіла сяло Вялікая Костромка. "Там зачапіла дзіцячы садок і царкву. Пашкоджаная лінія электраперадач. Сяло без святла. Працуюць аварыйныя брыгады", распавядае кіраўнік Днепрапятроўскай ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

Працягваецца супрацьстаянне ў Данецкай вобласці. Асноўныя намаганні расійскія войскі канцэнтруюць тут на Бахмуцкім кірунку, паведамляе раніцай у сераду Генштаб УСУ. Каб выбіць украінскія падраздзяленні, расіяне вялі ў гэтым раёне артылерыйскія абстрэлы і наносілі авіяўдары.

"Праціўнік пачаў наступ у раёне заходняй ўскраіны Бераставога, беспаспяхова. І адступіў", — гаворыцца ў ранішняй зводцы.

Расіяне працягваюць абстрэльваць і раён Аўдзееўкі. Спрабавалі палепшыць тактычнае становішча. Таксама, па словах украінскіх вайскоўцаў, беспаспяхова, адступілі са стратамі.

"Расійскія войскі паступова прасоўваюцца наперад вакол Аўдзееўкі і працягваюць спробы прасунуцца на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі", — так ацэньваюць баявыя дзеянні ў гэтым рэгіёне аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Пры гэтым поспехі расіян на паўднёвым ўсходзе ад Бахмута там апісваюць як "нязначныя", а яшчэ пішуць пра няўдалыя наступальныя аперацыі расіян на паўночны ўсход і паўночны захад ад Харкава.

"Там просто ад". Бои у Авдеевки и Бахмута — 161-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў у Данецкай вобласці 2 жніўня 2022 года / understandingwar.org

Расійскія ўлады, мяркуючы па ўсім, змянілі ўмовы выплат прызыўнікам добраахвотніцкіх батальёнаў. Об гэтам таксама гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны. Сродкі абяцаюць, але не адразу. Такія змены, у прыватнасці, закранулі прызыўнікоў у Башкартастане. Тут навабранцам абяцаюць аднаразовую выплату ў памеры 200 000 расійскіх рублёў (прыкладна 3300 долараў ЗША), але атрымаць гэтыя грошы можна будзе толькі праз 90 дзён пасля прызыву. Падобныя правілы устанавілі для новых прызыўнікоў і ў Саратаўскай вобласці.

"Суб'екты Федэрацыі, верагодна, спрабуюць перашкодзіць расейскім навабранцам атрымліваць выплаты за прызыў і дэзертыраваць перад адпраўкай ва Украіну", — не выключаюць аналітыкі Інстытута.

Пентагон ў аўторак абверг заявы Расіі аб тым, што расійскія вайскоўцы знішчылі ва Украіне шэсць ракетных комплексаў HIMARS. Пра гэта напярэдадні казаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу.

"Мы ведаем пра гэтыя апошнія заявы міністра Шайгу, і яны зноў відавочна ілжывыя", — заявіў выконваючы абавязкі прадстаўніка Пентагона Тод Брызіл. Яго словы прыводзіць Reuters.

Паводле яго слоў, украінцы выкарыстоўваюць комплексы "з дзіўнай дакладнасцю і эфектыўнасцю".

Аб HIMARS казаў у сваім традыцыйным звароце і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, назва амерыканскіх ракетных сістэм стала для яго краіны "амаль сінонімам слова "справядлівасць".

"Так, сапраўды, мы яшчэ не змаглі цалкам зламаць перавагу расійскага войска ў артылерыі і жывой сіле, і гэта вельмі адчуваецца ў баях, асабліва на Данбасе — Пяскі, Аўдзееўка, іншыя кірункі. Там проста пекла. Словамі гэта нават не апісаць", — адзначыў Зяленскі. Ён у чарговы раз выказаў падзяку вайскоўцам, якія абараняюць украінскія пазіцыі, нягледзячы на меркаваную агнявую перавагу праціўніка.

Дзве траціны жыхароў Данецкай вобласці ўжо пакінулі рэгіён, але колькасць эвакуяваных павінна быць больш, настойвае кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка.

"Тэмпы вельмі нізкія і большасць людзей не мае жадання выязджаць.. Гэта па стане на цяпер. Яшчэ летні перыяд не завяршыўся. Мы разумеем, што з надыходам халадоў людзі будуць дзейнічаць інакш",цытуе Кірыленка агенцтва УНІАН. Па словах чыноўніка, гвалтоўна перасяляць людзей ніхто не будзе. Пры гэтым ён нагадаў, што цяпер пад абстрэлам знаходзіцца амаль уся тэрыторыя вобласці.

Раней віцэ-прэм'ер украінскага ўрада Ірына Верашчук казала, што з Данецкай вобласці, дзе гэтай зімой немагчыма гарантаваць нармальны ацяпляльны сезон, эвакуіраваць трэба парадку 200-220 тысяч жыхароў.

З пачатку вайны ва Украіне загінулі 358 дзяцей. Гэта дадзеныя украінскай пракуратуры. 693 дзіцяці атрымалі раненні. Больш за ўсё пацярпелых дзяцей у Данецкай вобласці (363), Харкаўскай (195) і Кіеўскай (116) абласцях.

"Гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі працягваецца праца па іх усталяванні ў месцах вядзення актыўных баявых дзеянняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях", — адзначылі ў пракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.