Сёння гадавіна забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай

Забойства карэспандэнта газеты "Салідарнасць" Веранікі Чаркасавай, здзейсненае 12 гадоў таму, да гэтага часу застаецца нераскрытым. Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, папярэдняе расследаванне па гэтай крымінальнай справе прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці. Пры гэтым аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца.
Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 удараў нажом.
Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на бытавой глебе. Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх знялі.
Калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй верагоднасці магло быць звязанае з прафесійнай дзейнасцю.