Сястра Калеснікавай: "Я б проста абняла Машу і дала ёй спакой"

Мария Колесникова / сацсеткі Марыі Калеснікавай
Еўрарадыё папрасіла Таццяну Хоміч уявіць яе сустрэчу з сястрой — Марыяй Калеснікавай. Таццяна шчыра прызналася, што ёй складана пра гэта думаць.
— Мне б так хацелася яе вельмі моцна абняць. Думаю, будзе вельмі многа слёз. І ў мяне, і, напэўна, у Машы, і ў блізкіх.
Таццяна Хоміч даўно і паслядоўна выступае за неабходнасць перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Праз некалькі дзён пасля вызвалення з беларускай турмы Сяргея Ціханоўскага, мы распыталі яе пра тое, як пазбегнуць закрыцця прыадчыненага "акна магчымасцяў".
Адно слова Трампа?
— З якімі эмоцыямі вы сачылі за вызваленнем некалькіх беларускіх палітвязняў?
— Раней гучалі здагадкі, што рэжым не выпусціць лідараў пратэсту 2020 года. І таму настолькі важная падзея — вызваленне Сяргея Ціханоўскага, такой важнай фігуры. Гэта было нечакана для многіх, нават для мяне. Я бачыла рэакцыю Святланы Ціханоўскай — і для яе гэта таксама было вялікай нечаканасцю.
Важна разумець, што адзін інструмент — толькі ціск ці толькі перамовы — не працуе. Працуе ўсе разам. І важна выкарыстоўваць кожны інструмент у патрэбны момант. Важна, што змяніўся кантэкст. Сённяшняя сітуацыя моцна адрозніваецца ад той, якая была ў 2020-м ці нават у 2022-м гадах. Вось таму тое, што адбылося і стала магчымым.
Я даўно працую з адміністрацыямі ЗША — мы гаварылі і з адміністрацыяй былога прэзідэнта Джо Байдэна, працягваем гаварыць з дзеючай адміністрацыяй. І Асацыяцыя сваякоў і былых палітвязняў даўно ўздымала пытанне, што дыялог павінен адбыцца для вызвалення людзей. І кантэкст, які змяніўся, прывёў да магчымасці такіх перамоваў і такога кантакту.
Часта і ў публічнай, і ў непублічнай камунікацыі я чула, што важна ізаляваць рэжым. Але перамовы, якія адбыліся, сталі б немагчымымі без непасрэдна прамога кантакту з Мінскам. І гэта менавіта тое, што спрацавала.

Мне здаецца, што такое вызваленне — гэта важны знак, у тым ліку для краін Еўрасаюза, таму што кіраўніцтва некаторых краін і інстытутаў скептычна глядзела на гэты амерыканскі трэк. Не было ўпэўненасці, што будуць нейкія вынікі наогул.
Уявіце, што Маша выйшла
— Як даўно вы не атрымлівалі навін ад Марыі?
— Больш за паўгода. Мая асабістая перапіска з ёй скончылася яшчэ ў 2023 годзе. У нашага таты з Машай таксама няма сувязі. Навіны пра яе я атрымліваю толькі па чутках — ад палітвязняў, якія ўжо выйшлі на волю.
Апошняе, што я ведаю — Марыя знаходзіцца ў атрадзе, як і многія ў жаночай калоніі, працуе на швейнай фабрыцы. З восені 2024 года ёй палепшылі харчаванне і аказваюць медыцынскую дапамогу.
— Калі б вы маглі напісаць Марыі, пра што б быў гэты ліст?
— Я б сказала, што я вельмі яе люблю, я вельмі ёю ганаруся, я вельмі спадзяюся, што яна робіць усё магчымае, каб апынуцца на волі.
— І калі б яе вызваленне адбылося таксама нечакана, як вызваленне Сяргея Ціханоўскага, як бы вы яе сустракалі?
— Я б моцна яе абняла. Я думаю, трэба найперш арыентавацца на тых, хто выходзіць, на тое, што ім трэба. Так што ўсё будзе залежаць ад самой Марыі. Мяркую, першае, чаго яна захоча — гэта проста спакою.
Мне здаецца, што гэта вельмі складана праз пяць гадоў апынуцца ў іншай краіне, у зусім іншым кантэксце. І трэба спакойна і вельмі павольна ўваходзіць у гэты новы кантэкст. І мая задача — забяспечыць гэты камфорт. Плюс спатрэбіцца хоць бы мінімальны медыцынскі чэк-ап…
— Але клубніцы і прасека будуць?
— Безумоўна. А можа, і нешта іншае — усё, чаго Маша захоча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.