Сяргей Чалы: “Нам трэба большая дэвальвацыя, чым нашым суседзям”
"Беларусь даўно жыла не па сродках".
Пра прычыны дэвальвацыі, пра тое, ці варта было на мінулым тыдні набываць лядоўні ды плазменныя панэлі, Еўрарадыё пагутарыла з эканамістам Сяргеем Чалым.
Сяргей Чалы: “Памятаеце, Ленін аднойчы сказаў: “Фармальна ўсё правільна, але па сутнасці здзек!” Паглядзім, што было зроблена: абмежаванне расходаў бюджэту. Бездэфіцытны бюджэт сёння і зараз – гэта першае. Вяртанне тарыфнай стаўкі першага разраду. Дэвальвацыя. Плюс ліст Нацбанку пра стварэнне Дзяржаўнага інстытута фінансавага развіцця – нябанкаўскай арганізацыі, якая павінна рэалізаваць дзяржаўную палітыку па крэдытаванні прадпрыемстваў. З усяго, што ёсць, – адзіны нармалёвы дакумент.
Сэнс такі: калі ўсё пералічыць, дык для нармалёвага эканаміста ўсё выглядае так, як мае быць, так, як і варта было б зрабіць. Але калі бярэш кожны пункт паасобку... Франкенштэйн і братэрская магіла! Рабілі розныя людзі: правая рука не ведае, што робіць левая... У выніку, замест станоўчага эфекту, ад усіх гэтых захадаў кожная дала толькі негатыўны вынік”.
Што прымусіла беларускія манетарныя ўлады пайсці на дэвальвацыю?
Сяргей Чалы: “Беларусь даўно жыла не па сродках. Прычым, у прынцыпе, ёсць краіны, якія доўгі час жывуць не па сродках, але крызісаў там не адбываецца. Бо ёсць іншыя краіны, якія гатовыя ўвесь час крэдытаваць іх. Пакуль Расія аплочвала такое нашае жыццё, усё было добра. Але з лета 2006 года ў нас бесперапынна павялічваецца дэфіцыт плацёжнага балансу. Гэта і ёсць сведчанне таго, што мы жывем не па сродках”.
Калі сям’я зарабляе менш, але расходвае больш, яна нейкі час можа пазычаць у суседзяў. Але аднойчы суседзі скажуць: “Стоп! Пытанне закрытае, час аддаваць пазыку!” А аддаваць можна тым, што ёсць у засеках, а менавіта золатавалютнымі рэзервамі.
Дык вось, у сярэдзіне 2008 года ў нас было золатавалютных рэзерваў прыкладна на 5,5 мільярдаў долараў, а напрыканцы года – на тры мільярды. Трымай мы такі курс яшчэ пару месяцаў – праелі б усё, што было назапашана”.
То бок, дэвальвацыя была прадыктаваная не толькі патрабаваннямі МВФ?
Сяргей Чалы: “Карэкцыя курса. Гэта было непазбежна. Але пытанне вось у чым: я яшчэ не бачыў ніякіх сур’ёзных разлікаў наконт таго, чаму менавіта 20%. Чаму не 3%? Чаму не... Размаўляць можна колькі заўгодна, але любая мадэль лепш, чым варажба”.
Вы лічыце, што дэвальваваць рубель трэба было на 80%?
Сяргей Чалы: “Логіка вельмі простая. Сведчанне таго, што курс раўнаважкі – адсутнасць дэфіцыту плацёжнага балансу. Калі падлічыць з таго часу, калі ён пачаў утварацца, патэнцыял дэвальвацыі атрымаецца як раз 80%! І гэта дазволіла б нам толькі спыніць страты золатавалютнага запасу.
І яшчэ вось чаму нам патрабуецца больш моцная дэвальвацыя, чым нашым суседзям. Часта прыгадваюць, што беларуская эканоміка ў савецкія часы была зборачным цэхам. Гэта пазначае высокую імпартаёмістасць нашай прадукцыі. У нас на 1 рубель прадукцыі прыкладна 45 капеек імпарту! Пры падзенні курса рублю нашыя тавары на знешніх рынках робяцца больш канкурэнтаздольнымі, імпарт робіцца даражэйшы, ён змяншаецца, і за кошт гэтага выпраўляецца баланс.
Таму, нават калі прынятае рашэнне аб рэзкай дэвальвацыі, лепш зрабіць яе з запасам. З пералётам! Няхай вы прыслабіце рубель крыху больш, чым трэба. Праз нейкі час можна будзе яго ўмацаваць, каб паказаць людзям: гэты ўзровень – апошні. Гэты ўзровень Нацбанк можа ўтрымаць, а тыя, што адразу кінуўся мяняць рублі на долары, толькі страцілі грошы.
Што атрымалася ў нас? Па-першае, стварылі паніку. Ажыятажны попыт на долары і цяпер не зняты. Па-другое, і мэты не дасягнутыя! У нас на валютна-фондавай біржы да гэтай пары перавышэнне попыту на долары над прапановай. Гэта дакладнае сведчанне наконт таго, што 20% – недастаткова”.
Такім чынам, паўторная дэвальвацыя беларускага рублю непазбежная. Шкада, але разам з ёй нашая валюта згубіць рэшту даверу насельніцтва.
Сяргей Чалы: “Ведаеце, тут падмануць насельніцтва можна толькі адзін раз. Калі яшчэ адзін раз давядзецца гэта зрабіць... Тады ўжо ўсё: пра давер да банкаўскай сістэмы, да нацыянальнай валюты можна забыцца. Бо людзі ж памятаюць 1992 год, калі за адзін дзень можна было згубіць усё. Дагэтуль памятаюць 1998 год. А гэта такая ж цяжкая псіхалагічная траўма!”.
Атрымліваецца, што адзіны станоўчы вынік дэвальвацыі – гэта атрыманы крэдыт МВФ?
Сяргей Чалы: “Яны далі нават на 500 мільёнаў больш, чым мы прасілі. У мяне такое адчуванне, што яны далі крэдыт прыкладна з такімі словамі: “Вось вам больш, але цяпер ужо не прасіце. Маўляў, адмыслова з запасам дамо, але больш не прасіце”.
Усё часцей разам з дэвальвацыяй прыгадваюць іншае слова на “д”: дэнамінацыя! Ці адбудзецца яна ў Беларусі?
Сяргей Чалы: “Відавочна, што гэтыя чуткі абсалютна беспадстаўныя. Па-першае, гэта вялікія выдаткі для дзяржавы. Перапісаць кошты, надрукаваць новыя грошы... Не мае ніякага сэнсу. Па-другое, хуткую дэнамінацыю тлумачылі тым, што беларускі рубель выпадкова апынуўся блізка да 1:100 да расійскага. Але калі б стаяла мэта: правесці дэнамінацыю – навошта спачатку было рабіць дэнамінацыю 1:90, а пасля даводзіць да 1:100? Зрабілі б адразу 1:100 ды перайшлі б на расійскі рубель!”.
Дэвальвацыя і чуткі пра хуткую дэнамінацыю справакавалі ажыятаж у крамах: за першыя дні 2009 года людзі набылі ў разы больш, чым летась...
Сяргей Чалы: “Відавочна, што набываць дарагія тавары працяглага попыту было зусім няправільна. Матэматыка вельмі простая: калі чалавек лічыць, што крызіс будзе развівацца далей, замест таго, каб змарнаваць грошы на нешта вельмі дарагое і не вельмі патрэбнае, і “выратаваць” на гэтым 100-200 долараў, лепш іх зберагчы. Бо калі крызіс будзе доўжыцца далей, абавязкова прыйдзе такі дзень, калі гэтыя 1000-2000 долараў, змарнаваныя на плазменную панэль, будуць вельмі патрэбныя.
Якія можна зрабіць высновы?
Сяргей Чалы: “Дэвальвацыя прайшла недастатковая. Яна была праведзеная без аніякіх тлумачэнняў таго, што будзе далей. Людзі ў гэтай сітуацыі гатовыя верыць усяму, чаму заўгодна. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Горш за любы крызіс – паніка, бо панічныя паводзіны – няправільныя заўжды”.