Сям’ю апазіцыянера Юрася Беленькага суд залічыў у праблемныя

Сям’ю намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ прызналі праблемнай. Ленінскі райсуд Мінску праінфармаваў органы апекі Ленінскага раёна пра неабходнасць кантролю за становішчам дзяцей у сям’і апазіцыянера.

У  Юрася Беленькага і яго жонкі Кацярыны — адна дачка. 14-гадовая Яна вучыцца ў сталічнай гімназіі № 23, наведвае мастацкую школу і студыю танцаў, з якой двойчы выязджала на гастролі.

Між тым суд пастанавіў, што сям’я праблемная. У сваім рашэнні суд спасылаецца на Дэкрэт №18 ад 24 лістапада 2006 году “Аб дадатковых захадах дзяржаўнай абароны дзяцей у праблемных сем’ях”. Дэкрэт тычыцца сямей, дзе бацькі асуджаныя, вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі.

У лістападзе 2014 году Юрась Беленькі як прадстаўнік КХП-БНФ быў адказным за арганізацыю мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ва ўрочышчы Лошыца на ўскраіне Мінску. Акцыя прайшла без заўваг з боку міліцыі і Менгарвыканкаму, але пазней спадара Беленькага прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Фармальна — за тое, што не забяспечыў бяспеку падчас мерапрыемства і не аплаціў паслугі аховы з боку міліцыі. Палітык атрымаў штраф у 4,5 мільёны. Ён не лічыць сябе вінаватым, таму вырашыў абскардзіць рашэнне суда. Разгляд гэтай скаргі адбудзецца 10 лютага.

Не чакаючы разгляду скаргі, сям’ю Беленькага залічылі ў праблемныя. Апазіцыянер лічыць гэта помстай і формай ціску, паведамляе Радыё Свабода.