Супрацоўніцу аднаго з мінскіх банкаў падазраюць у крадзяжы 13 тысяч рублёў

Супрацоўніцу аднаго з мінскіх банкаў падазраюць у крадзяжы 13 тысяч рублёў

Супрацоўніца аднаго з мінскіх банкаў падазраецца ў крадзяжы грашовых сродкаў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Распачатая крымінальная справа.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Мінску Аляксей Клімовіч, 26-гадовая мінчанка працавала спецыялістам па працы з фізічнымі асобамі. Высветлілася, што яна афармляла ад імя кліентаў банка падробленыя дамовы на прадастаўленне розных крэдытаў. Затым яна прысвойвала пластыкавыя карткі і выкарыстоўвала налічаныя грашовыя сродкі на свае патрэбы (ліквідоўвала запазычанасць па ўласных крэдытах, аплачвала арэнду аўтамабіля Infiniti FX35, купляла парфумерыю).

Каб схаваць сляды супрацьпраўных дзеянняў, пры афармленні крэдытных дамоваў падазраваная адключала ў банкаўскай праграме функцыю СМС-апавяшчэння аб зняцці грашовых сродкаў з крэдытных картак. Таксама пасля паведамлення банкам кліентам аб запазычанасці па пагашэнні крэдытаў, яна ператэлефаноўвала пацярпелым і паведамляла аб тым, што “адбыўся збой у праграме”.

У выніку дзеянняў згаданай супрацоўніцы банка пацярпелі 5 чалавек. Сума шкоды склала звыш 13 тысяч рублёў (гэта каля 6900 долараў).