Сума штрафаў гомельскай журналісткі за месяц склала 18 млн рублёў

Цягам апошняга месяца тры разы быў вынесены прысуд гомельскай журналістцы-фрылансеру Наталлі Крывашэй. Усе тры штрафы яна атрымала за "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ", і ў суме яны склалі 100 базавых велічынь — 18 млн рублёў.

Апошні суд адбыўся 10 чэрвеня ў Гомелі за зняты сюжэт аб самагубстве мясцовай выкладчыцы. Наталля Крывашэй сваю віну не прызнае, кажа, што прысутнічала на месцы, але не рабіла здымкаў, не апытвала людзей і не рыхтавала ніякага матэрыялу.

Тым не менш, журналістку пакаралі максімальна магчымым штрафам у 50 базавых велічынь — 9 млн рублёў. Наталля Крывашэй звязвае гэта з тым, што падчас паседжання яна тры разы давала адвод суддзі, на што тая раззлавалася і прызначыла максімальны штраф.

Крывашэй: "Суддзя адмовілася весці працэс на беларускай мове. Таксама было адмоўлена весці відэаздымкі. Пры гэтым я казала, што я хачу, каб здымалі толькі мяне. Мне не дазволілі выклікаць у якасці сведкі Кастуся Жукоўскага... Я хадайнічала аб правядзенні юрыдычнай экспертызы на прадмет вызначэння таго, што ёсць “выраб прадукцыі СМІ”.

Аднак у судзе былі адхіленыя ўсе хадайніцтвы журналісткі.