Суддзя запатрабавала ад журналістаў весці запіс на магнітафон

Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў журналіст Зміцер Лупач. Разам з калегай ён прысутнічаў на судзе па крымінальнай справе — забойстве дзевяцімесячнага дзіцяці ў снежні 2013 года. У першы дзень працэсу суддзя забараніла журналістам карыстацца тэхнічнымі сродкамі. Аднак у інтэрнэце яны знайшлі, што аўдыёзапіс у зале суда на адкрытым пасядэжнні можна нават без дазволу суддзі. Такая норма ёсць у пастанове Прэзідыума Вярхоўнага Суда №11 ад 20 снежня 2013 года. Пры гэтым паведамляць суду пра запіс не абавязкова.

На другі дзень судовага паседжання журналісты сталі карыстацца дыктафонамі. На гэта адразу звярнуў увагу абвінавачаны, які паведаміў пра гэта свайму адвакату, а той — суддзі. Суддзя Людміла Вашчанка, прыгразіўшы выдаліць карэспандэнтаў з залы суда, забараніла карыстацца дыктафонамі.

Вашчанка: "Паважаная прэса, вядзіце сябе, калі ласка, карэктна. На сённяшнім паседжанні суда вы не пыталіся ў суда дазволу весці які-небудзь запіс. Згодна з законам, вы маеце права весці ручны запіс або магнітафонны запіс. Іншыя віды запісу ў КПК не прадугледжаны, таму, калі ласка, выконвайце закон".

Дарэчы, у Крымінальна-працэсуальным кодэксе сапраўды гаворыцца пра ручны або магнітафонны запіс. Але магнітафоны даўно састарэлі, і імі ўжо ніхто не карыстаецца. Журналісты плануюць абараняць свае правы і будуць абскарджваць рашэнне суддзі.

Фота — audiopower.ru