Суд у Літве вырашыць, ці лічыць злачынствам выраб "пашпартоў Новай Беларусі"
Пашпарт Новай Беларусі / t.me/tsikhanouskaya
"Пашпарты Новай Беларусі", падрыхтаваныя для беларускіх палітуцекачоў, у Літве павінны лічыцца несапраўднымі. А суд прыме канчатковае рашэнне, ці прызнаваць іх выраб злачынствам. Пра гэта гаворыцца ў "тлумачальна-інфармацыйным" лісце генпракурора Літвы Гінтаса Іванаўскаса, піша навінавы партал 15min.lt.
“Варта адзначыць, што /…/ выраб падробленага пашпарта або выкарыстанне заведама падробленага пашпарта цягне за сабой крымінальную адказнасць", — гаворыцца ў дакуменце. Ліст быў накіраваны ў дзяржорганы Літвы, а таксама "грамадскай установе, што ажыццяўляе праект".
У СМІ паведамлялася, Паводле што Беларускі пашпартны цэнтр (установа, якая займаецца праектам) загадзя паінфармавала пракурораў пра запланаваны выраб пашпартоў і прасіла не лічыць гэта злачынствам. Але ў пракуратуры кажуць, што такое папярэдняе апавяшчэнне яшчэ не робіць гэтую дзейнасць законнай. І пагражаюць пазбаўленнем волі да 4 гадоў за "выраб або выкарыстанне падробленага пашпарта".
Прадстаўнік Беларускага пашпартнага цэнтра Альфонсас Слуцкус у каментары 15min.lt сцвярджае, што ў лісце генпракурора няма нічога новага: "Ведаючы рызыкі, звязаныя з праектам, быў сфармуляваны запыт і атрыманы адказ. Менавіта пра гэтыя рызыкі і ідзе гаворка, нічога новага, чаго б не было вядома раней, у гэтым лісце не гаворыцца".
Падчас форуму "Беларусы годныя лепшага" 26 студзеня ў Варшаве быў абвешчаны прыём папярэдніх заявак на атрыманне "пашпарта Новай Беларусі". Пры гэтым галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліў, што беларускія дэмсілы будуць весці перамовы наконт статусу дакумента з уладамі дэмакратычных краін "канца лета, да жніўня", нагадвае "Позірк".
У Літве ўжо крытыкавалі "пашпарт Новай Беларусі". Прадстаўнікі кансерватараў — партыі "Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы" абураліся тым, што на дакуменце з'явіўся герб "Пагоня", падобны да лістоўскага "Віціса". Кіраўнік МУС Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заяўляў, што "пашпарт Новай Беларусі" не мае юрыдычнай сілы.