Суд па справе Аўтуховіча і яшчэ 11 чалавек працягнецца 18 ліпеня
Суд па справе Мікалая Аўтуховіча і яшчэ 11 чалавек працягнецца 18 ліпеня, паведамляе БЕЛТА. У ім працягваюць даследаваць матэрыялы крымінальнай справы. У пятніцу завяршылася вывучэнне 15-га тома (у справе больш за 65 тамоў). У прыватнасці, разглядалі зварот Аўтуховіча аб стварэнні руху "Да волі".
Удзельнікі "групы Аўтуховіча" знаходзяцца за кратамі з канца 2020-га. Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком "злачыннай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Суд праходзіць з 18 траўня ў будынку гродзенскай турмы №1. Аўтуховіча абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх — "здрада дзяржаве", "стварэнне злачыннай арганізацыі", "акт тэрарызму", "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".
11 ліпеня Мікалай Аўтуховіч аб'явіў сухую галадоўку. Такім чынам ён пратэстуе супраць парушэння яго правоў.