Стала вядома, навошта расіяне збіраюць ва Украіне пралкі і халадзільнікі
Расіяне вымушаныя выкарыстоўваць у некаторай вайсковай тэхніцы камп'ютарныя чыпы ад посудамыйных машын і халадзільнікаў. Бо праз санкцыі ЗША яны не могуць атрымаць іх законным шляхам. Гэтыя словы міністра гандлю ЗША Джыны Раймонда прыводзіць Washington Post.
"У нас ёсць паведамленні ад украінцаў, што калі яны знаходзяць расійскую вайсковую тэхніку на зямлі, яна запоўненая паўправаднікамі, якія яны дасталі з посудамыйных машын і халадзільнікаў", — кажа Раймонда.
Па яе словах, экспарт тэхналогій з ЗША ў Расію скараціўся амаль на 70% з моманту ўвядзення санкцый напрыканцы лютага. Аналагічныя забароны на экспарт, якія таксама распаўсюджваюцца на Беларусь, прынялі тры дзясяткі краін.
Камп'ютарныя паўправаднікі кіруюць большасцю сучаснай электронікі. Расія пераважна імпартуе іх з азіяцкіх і заходніх кампаній.Раймонда звярнула ўвагу на нядаўнія паведамленні, што два расійскія вытворцы танкаў былі вымушаныя прыпыніць вытворчасць праз недахоп кампанентаў.