Спёка ўплывае на ваш настрой — навукоўцы гэта пацвярджаюць

Дрэнны настрой непасрэдна звязаны з надвор'ем / Pexels
Навукоўцы з Масачусацкага тэхналагічнага ўніверсітэту і іншых міжнародных устаноў прааналізавалі больш за мільярд паведамленняў у сацсетках, каб высветліць, як гарачыя дні ўплываюць на настрой людзей, піша Euronews.
Яны звязалі эмоцыі карыстальнікаў з рэальнай тэмпературай на момант публікацыі пастоў і выявілі, што пры тэмпературы вышэй за 35°C пасты ў краінах з нізкім даходам сталі прыкладна на 25% больш негатыўнымі, а ў краінах з высокім узроўнем даходу — на 8%.
Ранейшыя даследаванні таксама паказвалі сувязь паміж спёкай і раздражняльнасцю: высокая тэмпература павышае рызыку агрэсіўных паводзін, канфліктаў і нават самагубстваў. Фізіялагічныя тлумачэнні ўключаюць змяненне ўзроўню сератаніну і тэстастэрону ў арганізме, што можа ўплываць на настрой і паводзіны.
Навукоўцы прагназуюць, што да канца стагоддзя павышэнне глабальных тэмператур можа прывесці да змяншэння агульнага настрою ў свеце на 2,3%, нават калі грамадства паступова адаптуецца да цяпла. Спецыялісты падкрэсліваюць важнасць падрыхтоўкі людзей да эмацыйнага ўздзеяння спёкі, як і адаптацыю для гэтага інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.