Справу школьніка-самагубцы ўзяла на кантроль Адміністрацыя прэзідэнта
Справу баранавіцкага школьніка, які пакончыў з сабой, узяла на кантроль Адміністрацыя прэзідэнта. Пра гэта маці падлетка даведалася з афіцыйнага адказу на свой ліст у Адміністрацыю, піша intex-press.by.
Самагубства школьніка адбылося 22 снежня. Яго маці Таццяна лічыць, што ў смерці падлетка вінаватая школа. Сваякі хлопчыка ўпэўненыя, што аднакласнікі цкавалі яго, а на савеце прафілактыкі 21 снежня адміністрацыя школы пагражала яму тэрмінам у калоніі.
Таццяна напісала лісты ў Генпракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дапамагчы ў расследаванні справы. У адказе з Адміністрацыі гаворыцца, што зварот жанчыны пастаўлены на кантроль у гэтым ведамстве. Чыноўнікі Адміністрацыі выказалі ёй свае спачуванні.
Каментуючы гэты адказ, у Адміністрацыі прэзідэнта журналістам патлумачылі, што там не разглядаюць пытанні праваахоўных органаў. Аднак чыноўнікі Адміністрацыі просяць праваахоўнікаў інфармаваць, як разглядаецца справа.
Генпракуратура накіравала зварот Таццяны ў абласную пракуратуру. А адтуль яго пераслалі ва ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Менавіта там займаюцца расследаваннем па справе загінулага школьніка.