Спецназ штурмаваў наркапрытон у Мікашэвічах (відэа)

Як піша газета "Вячэрні Брэст", спецаперацыя праходзіла 23 траўня ў Мікашэвічах. Праваахоўнікі выявілі факт захоўвання і ўжывання наркотыкаў у доме на вуліцы Першамайскай. Паколькі гаспадыня кватэры адмовілася ўпускаць ахоўнікаў парадку добраахвотна, міліцыянтам давялося задзейнічаць падраздзяленне міліцыі спецыяльнага прызначэння. Спецназаўцы штурмам патрапілі ў кватэру на другім паверсе, разбіўшы шкло ў акне.



У момант затрымання ў памяшканні апроч гаспадыні знаходзіліся яшчэ двое дарослых "пад кайфам" і 2-гадовая дзяўчынка.


Пры ператрусе было выяўлена і канфіскавана каля трох кілаграмаў насення маку, больш за 20 мілілітраў экстракцыйнага опію і прыстасаванні для вырабу наркотыку. Гаспадыня кватэры, 25-гадовая мясцовая жыхарка, ужо была раней судзімая за захоўванне наркотыкаў.


Інфармацыя аб знаходжанні дзiцяцi ў сацыяльна небяспечным становішчы была накіраваная ў аддзел адукацыі.