СМІ: верхавод расійскай банды загінуў ва Украіне і атрымаў медаль "За адвагу"
Медаль за вайну ва Украіне, якой узнагародзілі верхавода расійскай АЗГ
Выданне The Insider апублікавала выпіску з пуцінскага ўказа аб узнагароджанні медалём "За адвагу" Івана Непаратава, які загінуў у 5 жніўня пад Бахмутам у Данецкай вобласці.
Непаратаў вядомы як верхавод групоўкі рабаўнікоў з падмаскоўнага Сергіева Пасада. У 2013 годзе яго прысудзілі да 25 гадоў зняволення за забойства пяці чалавек, разбойныя напады, вымагальніцтва, махлярства і незаконнае захоўванне зброі.
Адседзеўшы 9 гадоў, Непаратаў, як піша The Insider, заключыў кантракт з ПВК "Вагнера" і адправіўся ваяваць на ўсход Украіны, дзе загінуў ад "агнястрэльнага выбуховага аскепкавага пранікальнага скразнога ранення галавы".
Непаратаў — далёка не першы зняволены, які загінуў падчас расійскага ўварвання ва Украіну. Але калі вайскоўцам ці добраахвотнікам пасмяротна ўручаецца ордэн "Мужнасці", дык сваякам зняволеных пасля іх гібелі ўручаюць медалі "За адвагу".