Следчы камітэт: Захоп закладніцы ў Заслаўі звязаны з унутрысямейнымі адносінамі
Следчы камітэт працягвае высвятляць абставіны захопу закладніцы ў банку ў Заслаўі. Нагадаем, што 18 ліпеня мужчына ўзяў у закладніцы сваю 23-гадовую дачку.
Следчыя мяркуюць, што матыў злачынства звязаны з унутрысямейнымі адносінамі.
Следчая група працягвае агляды, выемкі, допыты сведкаў, усіх удзельнікаў, вывучае канфіскаваныя запісы камер відэаназірання, збірае характарыстыкі. Па крымінальнай справе прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку судова-медыцынская — пацярпелай, пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная — нападніку, генатыпаскапічная, біёлага-генетычныя, а таксама па канфіскаванай прыладзе злачынства.
Як распавядала Еўрарадыё, 18 ліпеня мужчына з нажом узяў у закладніцы дзяўчыну. Здарэнне адбылося ў аддзяленні банка ў Заслаўі.
Больш за дзве гадзіны міліцыянты вялі перамовы з нападнікам. Кіраванне аперацыяй узяў на сябе міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Па яго словах, перамовы апынуліся беспаспяховымі. Калі мірна вырашыць сітуацыю не атрымалася, кажа міністр, міліцыянты правялі сілавую аперацыю, падчас якой ліквідавалі захопніка. Закладніца пры вызваленні не пацярпела. Паведамляецца, што яна цяжарная.