Скарпіён, які ўцёк з кантэйнера, выклікаў паніку ў цягніку
Скарпіён, які ўцёк з кантэйнера, выклікаў паніку ў цягніку. Здарэнне адбылося ў Англіі на чыгуначнай лініі Лондан — Эдынбург у першы дзень Новага года.
Як інфармуе wprost.pl, скарпіёна везла адна з пасажырак. Калі людзі ўбачылі, як ён бяжыць па падлозе, у вагоне ўзнікла паніка, многія пасажыры залезлі на сядзенні ды пачалі тэлефанаваць у паліцыю. Калі праваахоўнікі прыбылі на месца здарэння, яны здолелі закрыць скарпіёна ў скрынцы для марожанага.
Калі знайшлася гаспадыня экзатычнага "пасажыра", яе паставілі перад выбарам — або забраць скарпіёна і выйсці з цягніка, або аддаць яго паліцыі і ехаць далей. Яна пагадзілася на другі варыянт. Паліцэйскія перадалі скарпіёна ў мясцовы прытулак для экзатычных жывёлаў.
Медыкі праверылі 20 пасажыраў, якія ехалі ў згаданым вагоне, пасля чаго цягнік працягнуў рух па сваім маршруце.