Сілавікі шукаюць Маргарыту Ляўчук у Мінску па чужым адрасе
Маргарыту Ляўчук шукаюць па чужым адрасе ў Мінску / instagram.com/margarita.levchuk.official
Сілавікі прыпісалі опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук, завочна асуджанай у Беларусі, чужы адрас у Мінску, дзе яна ніколі не жыла. Пра гэта артыстка расказала ў сторыс у Інстаграме.
Ляўчук звярнула ўвагу на сваю арыенціроўку ў спісе людзей, абвешчаных у вышук. Адрас яе пражывання ў Мінску ў арыенціроўцы абазначаны як вул. Раманаўская Слабада, д. 11, кв. 44. Спявачка сцвярджае, што ніколі там не жыла і нават не ведае, дзе гэта.
"Красаўцы" мне яшчэ і адрэсу выдуманую прыдумалі. Чыя гэта кватэра — прабачце", — паіранізавала спявачка над сілавікамі.
Таксама Ляўчук адзначыла, што ў базе вышуку МУС няправільна напісалі яе дату нараджэння — 15 красавіка 1990 года (насамрэч — 16 красавіка). "Вельмі-вельмі б ужо хацелася, каб мвдэшнікі напісалі правільна маю дату нараджэння", — дадала яна.
Маргарыта Ляўчук далучылася да масавых пратэстаў у 2020 годзе, пасля чаго была вымушаная пакінуць Беларусь. Цяпер яна жыве ва Украіне і замужам за вайскоўцам УСУ, у іх ёсць сын.
У 2024 годзе суд у Беларусі асудзіў Ляўчук за ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні "Рудабельская паказуха" і ўчыненне ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў". Дакладны прысуд спявачцы невядомы, але па выстаўленым абвінавачанні ёй пагражала ад шасці да васьмі гадоў пазбаўлення волі. А яшчэ ў 2022 годзе Ляўчук абвясцілі ў вышук.